Rattus Sapiens
Марыя Карнеенка Rattus Sapiens Марыя Карнеенка — сучасная фатографка і мастачка з Беларусі, якая цяпер жыве ў Варшаве. Праект Rattus Sapience узнік з яе актывізму і асабістага досведу ўзаемадзеяння з пацукамі — адносінаў, якія выходзяць за межы канцэпцыі «ўласнасці», бо яны не вызначаюцца і не абмяжоўваюцца валоданнем. Для праекта Марыя выкарыстоўвае не толькі фатаграфію, але стварае калажы, нацюрморты, надае новыя сэнсы праз апрапрыяцыю, каб паказаць тое, што хаваецца за стыгмай. Rattus Sapience — гэта шматпластавая альбо, дакладней, шматтунэльная кніга. Лінія візуальнага наратыву разгорваецца ў стылі адлюстраванай, двухбаковай і зацыкленай гісторыі: мы пачынаем і заканчваем з адной пары малюнкаў — быццам гісторыя рухаецца па коле. Калі чытаць наперад, гісторыя пачынаецца з таго, што людзі шануюць прыроду і баяцца яе і іншых істот жывёльнага свету, да якога яны належаць. Потым ідзе ўтаймаванне, дуалізм і адасобленасць. Але калі чытаць з апошняй старонкі да першай, гісторыя ператвараецца ў вяртанне — спуск, паўторнае адкрыццё міфа, сустрэчу. Гэта гісторыя, якая належыць аднолькава і пацукам, і людзям. Фізічная форма кнігі дадае яшчэ адзін пласт да яе аповеду. Класічны, лінейны рытм перагортвання старонак перарываецца і збіваецца. Паміж тонкімі бакамі паперы з’яўляюцца «кішэнныя старонкі», якія раздзяляюць наратыў і ствараюць дадатковыя галіны сэнсаў. Далікатныя малюнкі Марыі пацучыных норак літаральна размешчаныя на паўпразрыстых сагнутых аркушах, перарываючы рытм старонак сваімі адбіткамі. Паўсюль малюнкі і колеры пераклікакаюцца рэхам. Акрамя таго, тактыльныя ўласцівасці таксама становяцца часткай гісторыі. Папяровая вокладка на аснове воўны мякка паколвае пальцы, як пацучынае футра. Асноўная папера — 100% перапрацаваная, з цёплым натуральным адценнем, дробнымі плямкамі і лёгкім «вусатым» выглядам. Фармат кнігі невялікі і падоўжаны — якраз такі, каб трымаць каля сябе. У гармоніі з візуальным голасам праекта гучаць тэксты Таццяны Заміроўскай, пісьменніцы з беларускімі каранямі з Нью-Ёрка, не толькі дзякуючы падобнаму асабістаму досведу — Таццяна называе сябе амбасадаркай пацукоў — але і дзякуючы постантрапацэнтрычнаму погляду на прыроду ўзаемадзеяння чалавечай і жывёльнай цывілізацый.
Brak informacji o cenach
Brak historii cen